Просмотров: 13217
Жылі на адным двары курачка Сакатушка, гусак Шыпун ды індык Балбатун.
Курачка даглядала сваіх куранятак, грэблася на сметніку, шукала зярнятак. А гусак Шыпун і індык Балбатун толькі шпацыравалі ўзад і ўперад па двары, як важныя паны, ды заўсёды вялі між сабою спрэчкі аб тым, хто з іх важнейшы і разумнейшы.
— У мяне галава болышая,— хваліўся гусак,— дык і розуму ў ёй больш!
Індык з гэтым не згаджаўся.
— Галава ў цябе вялікая, гэта праўда, ды дурная, як бот,— казаў ён.
— Ну, няхай сабе галава дурная,— адказваў гусак,— затое нос які ў мяне! Моцны, цвёрды, прыгожы... А ў цябе што за нос — смех адзін! Чарвяк, а не нос!
I гусак і індык былі страшэнныя гультаі. Яды шукаць сабе ленаваліся і таму часта галадалі. Каб не карміла іх сяды-тады гаспадыня, дык даўно б гультаёў і на свеце не было.
Аднаго разу знайшла курачка каля плота пшанічны каласок. Зарадавалася, засакатала на ўвесь двор:
— Ко-ко-ко! Глядзіце, які цудоўны каласок я знайшла!
Пачулі пра такую навіну Шыпун і Балбатун.
— Ану, пакажы!
Курачка паказала ім каласок. Індык панюхаў каласок сваім носам-чарвяком.
— Так, так,— сказаў ён,— каласок і праўда цудоўны. Трэба яго змалаціць.
— Ага, ага,— згадзіўся і гусак.— Трэба змалаціць. Тады будуць зярняткі. А яны смачныя... Ага, ага!
— Добра,— сказала курачка.— А хто яго змалоціць?
— Толькі не я! — адказаў гусак.— Я тоўсты, мне цяжка цэпам махаць.
— Дык што ж, ты хочаш, каб я малаціў? — горача забалбатаў індык.— Я табе не парабак!
— Ну добра,— сказала курачка,— я сама змалачу.
Пайшла яна на ток, узяла цэп і змалаціла пшанічны каласок. Прынесла зярняткі і цешыцца:
— Глядзіце, якія цудоўныя зярняткі! Чырванаваценькія, пузаценькія! Яны, напэўна, смачнейшыя за ячменныя.
Падышлі да зярнятак і гусак з індыком.
— Так, так,— сказаў індык.— Цудоўныя зярняткі.
— Ага, ага,— пацвердзіў гусак.— Аж шкада дзяўбці.
— I не трэба дзяўбці. Іх трэба змалоць . ды напячы булак,— падаў разумную параду індык.
— Ага, ага,— згадзіўся гусак.— Пшанічныя булкі мяккія, як мой пух. А смачныя якія!
— Добра,— сказала курачка.— А хто змеле пшанічныя зярняткі?
— Толькі не я! — буркнуў гусак.— Мне цяжка ў млын хадзіць.
— I не я! — усклікнуў індык.— З такою простаю работаю і дурны гусак справіцца.
— Ну што ж,— сказала курачка,— калі так, то давядзецца мне самой ісці ў млын.
Усыпала яна зярняткі ў торбачку і панесла ў млын. Там змалола і прынесла муку дахаты.
— Ай, якая бялюткая мука! — засакатала курачка на ўвесь двор.
Індык панюхаў муку.
— Так, так,— сказаў ён,— добра пахне. Значыць, смачныя будуць булкі.
— Ага, ага, я ж казаў, што смачныя! — уставіў слова і гусак.
— Ну, а хто спячэ з гэтай мукі булкі? — запыталася курачка.
Гусак пакруціў галавою:
— Я не ўмею...
Індык адказаў:
— Я хоць і ўмею, ды не хачу. Няхай гусак пячэ.
— Ну добра,— сказала курачка,— тады я сама спяку.
Знайшла яна пад паветкаю дзежачку і рашчыніла цеста. Потым накалола дроў і запаліла ў печы.
Калі цеста падышло, курачка нарабіла круглых прыгожых булак і пасадзіла іх на лапаце ў печ.
Булкі пачалі пячыся. I такі прыемны пах пайшоў ад іх па ўсім двары, што ў гусака і індыка аж слінкі пацяклі. А трэба сказаць, што яны даўно нічога не елі і так выгаладаліся, што нават спрачацца перасталі, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.
— Хадзем у хату,— сказаў індык,— відаць, булкі ўжо гатовы.
— Ага, ага,— адказаў гусак.— Хадзем, брат, у хату.
Прыйшлі індык з гусаком у хату, а там курачка булкі з печы дастае. Мяккія, румяныя, пахучыя.
— Так, так,— весела загаварыў індык,— якраз у пару прыйшлі.
— Ага, ага,— заківаў галавою гусак і першы падаўся за стол. Індык — за ім.
Але курачка спыніла іх:
— Чакайце! Не спяшайцеся, панове! Перш чым садзіцца за стол, адкажыце мне на мае пытанні.
— Давай свае пытанні! — сярдзіта прашыпеў гусак.— Толькі хутчэй.
— Але, толькі хутчэй,— шпарка забалбатаў і індык.— А то дужа есці хочацца...
— Дык слухайце! Хто пшанічны каласок знайшоў?
— Ты, курачка, вядома, ты знайшла,— адказалі індык і гусак у адзін голас.
— Хто змалаціў каласок?
— Ты, курачка, змалаціла.
— Хто зярняткі ў млын насіў?
— Ты насіла...
— А хто дровы сек, у печы паліў, пшанічныя булкі пёк?
Пераглянуліся паміж сабою індык з гусаком і адказалі:
— Ты, вядома... За гэта табе і слава.
— Дык вось,— сказала курачка Сакатушка,— каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй.
Пазбягаліся з двара кураняткі і пачалі з курачкай частавацца свежымі пшанічнымі булкамі.
А галодныя гультаі індык і гусак зноў заспрачаліся, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.